Лебедзева дно

У першыню Лебедзева ўпамінаецца ў грамаце князя Ягайлы 25 красавіка 1387 годзе. Існуе легенда аб паходжанні назвы. Кажуць, называлі гэта месца раней Лебедзева дно. Быццам бы ў далёкія часіны на месцы в. Лебедзева, між тых жа пагоркаў,што і сёння ўзвышаюцца,разлілося вялікае возера. Людзі, што жылі на яго прыгожых берагах, лавілі ў возеры рыбу, палявалі ўчароце на качак, касілі на прыбярэжных лугах буйныя травы, якія раслі гэтак хутка, што іх не паспявалі скошваць і зграбаць, як трэба было пачынаць усё па-новаму. Выцякала з гэтага возера тая ж рачулка, якая і цяпер тут працякае – Нявежа. Адзінае, чым ад сённяшняй адрознівалася, - глыбінёю і чысцінёю. А па яе паўнаводных берагах стаялі багатыя вёскі ды хутары. Добра жылося ў іх людзям, таму што ўсяго ставала, не было ніякіх цяжкасцей ні з ежаю, ні з будаўнічым матэрыялам. Возера называлася Лебедзевым таму, што пасярод яго, на востраве, здаўна жылі лнбедзі. Шанавалі іх заўсёды мясцовыя жыхары, нікому не давалі крыўдзіць. Нават самыя зацятыя паляўнічыя не чапалі, не палохалі гордых птушак. Усе ведалі – гэта яны, лебедзі, ахоўваюць возера, тайна ад людзей будуюць і рамантуюць схованыя над вадою плаціны і дамбы. Таму возера і трымаецца між пагоркаў. Толькі знайшоўся злы чалавек. Падплыў аднойчы да вострава і забіў самага вялікага лебядзя-важака. Пакінулі лебедзі возера. А праз год ці два прагнілі схованыя ў чароце і над вадой лебядзіныя дамбы. Спатрэбілася ўсяго 3 дні, каб вада назаўсёды выцекла са сваёй катлавіны-чашы, сплыла некуды далёка ў вялікую раку. Пайшоў час, людзі забыліся пра тую бяду і пачалі зноў сяліцца ў зручным зацішку- на дне былога лебядзінага возера. Таму новую сялібу і называлі спачаткуЛебедзевым Дном. Пазней, калі ўжо ніхто не памятаў пра возера, на дне якога цяпер праходзіла вуліца і стаялі хаты, захавалася ад назвы толькі першая яго частка – Лебедзева. У 16 ст. Лебедзева было прыватнаўласніцкім горадам. Тут былі “…ловы звярыныя, пташыя і рыбная, ловы бабровыя з усякімі грунтамі зямельнымі, на якіх жыла шляхта з людзьмі валаснымі, парабкамі, чэлядзю нявольнай”.