Леанард Людвігавіч Ходзька

(1800-1871)

Гісторык, публіціст, асабісты сакратар кампазітара М.К. Агінскаг. 

Нарадзіўся 6 лістапада 1800 г. ў в. Аборак на Маладзечаншчыне. Л. Ходзька зрабіў вялікі ўклад у падрыхтоўку да друку і выданне мемуараў аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай». Спіс выдадзеных кніг, атласаў і геаграфічных карт, у тым ліку і самім Л. Ходзькам напісаных і складзеных, можна прадоўжыць... Ён сабраў 125 тамоў дакументаў па гісторыі Рэчы Паспалітай, капіруючы матэрыялы, якія нельга было атрымаць у арыгінале. Апошнія матэрыялы, знойдзеныя з дапамогай супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі, раскрываюць новыя бакі дзейнасці Л. Ходзькі. Менавіта ён зафіксаваў у пісьмовым выглядзе польскую нацыянальнасць Мікалая Каперніка, якога ў Еўропе лічылі немцам. Ходзька быў адным з ініцыятараў, каб на Трыумфальнай арцы ў Парыжы былі пазначаны імёны не толькі французскіх палкаводцаў, але і выдатных генералаў і афіцэраў польскіх легіёнаў, сярод  якіх былі і нашы землякі.

  У час франка-прускай вайны ўжо хворы 70-гадовы Л. Ходзька эвакуіраваўся з Парыжа ў невялікі паўднёвы горад Пуацье, дзе і знайшоў свой апошні спачын.

Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч)

(1882-1942)

Народны паэт Беларусі.

 

 

 

Нарадзіўся 25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882 г. у фальварку Вязынка на Маладзечаншчыне. У 1906-1907 гг. малады паэт працаваў памочнікам вінакура на бровары ў Яхімоўшчыне.

Старажытныя будынкі вёскі, парк, вадаёмы, валуны памятаюць Янку Купалу.

Гэта адзінае «гняздо» пісменніка, якое не разбурылі ні час, ні людзі.

Менавіта ў Яхімоўшчыне адбывалася грамадскае сталенне народнага паэта, узрастаў і мужнеў яго талент, з’явіліся выдатныя вершы, сярод якіх “А хто там ідзе?”, “Гэта крык, што жыве Беларусь…”, “Не дайце згінуць песняру”, “Ворагам Беларушчыны”, “Дуб”, “Воля”, “З песень нядолі”, “Дайце мне волю” і інш., што склалі першы паэтычны зборнік Янкі Купалы “Жалейка”. 

Лукаш Антонавіч Сільвановіч

(1887-1969)

Поўны Георгіеўскі кавалер.

 

Нарадзіўся Л.А. Сільвановіч у в. Лапінцы Палачанскай воласці. Вучыўся ў Палачанскай аднакласнай і Гарадзілаўскай двухгадовай школах. У 1914 г. прызваны ў Армію. Удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях на франтах Першай сусветнай вайны ўзнагароджаны Георгіеўскімі крыжамиі 4-й, 3-й, 2-й, 1-й ступені. У 1919 г. вярнуўся на радзіму і быў прызначаны ваенным камісарам Палачанскага валаснога рэўкома. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскіх атрадаў Баранавіцкага злучэння. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі. Пасля вайны вярнуўся на радзіму і прыняў удзел у арганізацыі калгаса імя Я.Купалы ў Палачанах. Памёр 14 студзеня 1969 года. Пахаваны на палачанскіх могілках. Матэрыялы пра Л.А. Сільвановіча захоўваюцца ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі г. Маладзечна.



Іван Ігнатавіч Дзяржынскі

(1925-1995)

Герой Сацыялістычнай Працы

 

 

Нарадзіўся 15.09.1925 г. у в. Рагінь на Гомельшчыне. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. З 1953 г. дырэктар Яхімоўшчынскага спіртзавода. У 1958 г. прызначаны дырэктарам саўгаса "Яхімоўшчына". Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі, аспірантуру. У 1971 г. абараніў  дысертацыю на вучоную ступень кандыдата эканамічных навук. Пад яго кіраўніцтвам саўгас "Яхімоўшчына" ў 1970-я гады стаў адным з лепшых у рэспубліцы і ў СССР. За вялікі асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці І.І. Дзяржынскаму ў 1973 г. прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, шматлікімі медалямі. Памёр 02.02.1995 г. Пахаваны на палачанскіх могілках.

Кастусь (Канстанцін Іванавіч) Харашэвіч

(1927-2013)

Беларускі мастак-жывапісец

 

 

Нарадзіўся 6 ліпеня 1927 г. ў в. Літва на Маладзечаншчыне. Вучыўся ў Барыса Кіта ў Маладзечанскай гандлёвай школе падчас 2-й сусветнай вайны. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1958 г.).Член Беларускага саюза мастакоў (з 1969 г.). Творчасць мастака-пейзажыста Кастуся Харашэвіча прадстаўлена больш чым 500 карцінамі, якія адлюстроўваюць знакавыя падзеі ў гісторыі Павілля і ўсёй Беларусі. Ад пачатку 2000-х гадоў мастак працуе над стварэннем галерэі партрэтаў дзеячаў культуры і гісторыі, сваіх знакамітых землякоў. Яго творы захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Мінскім абласным краязнаўчым музеі Маладзечна, Скандынаўскім цэнтры ў Мінску, а таксама ў прыватных зборах у Польшчы, Германіі, ЗША, Канадзе і Ізраілі. У 2011 годзе ў філіяле дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне адкрылася персанальная галерэя твораў Кастуся Харашэвіча. Аўтар кнігі ўспамінаў «Зведанае і перажытае» (2004 г.). Памёр 12 ліпеня 2013 года ў Маладзечне. 

 

Міхась (Міхаіл Міхайлавіч) Казлоўскі

Краязнаўца, пісьменнік, бібліёграф, публіцыст

 

Нарадзіўся М.Казлоўскі 9 лютага 1960 г. ў в. Быкі (Рабінавая) на Маладзечаншчыне. Працаваў на заводзе, навуковым супрацоўнікам Гудзевіцкага гісторыка-краязнаўчага музея, кіраўніком клуба ў Цэнтры эстэтычнага выхавання г. Маладзечна. 3 2000 метадыст Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Заснавальнік клуба беларускай патрыятычнай моладзі «Беларуская хатка» (1982-1987), мастацкай гасцёўні Я.Драздовіча (1983), літаратурнага музея У.Караткевіча ў Маладзечне (1984), адзін са стваральнікаў гісторыка-краязнаўчага аб'яднання «Крывіч», арганізатар і першы старшыня Маладзечанскага аддзела  Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Рэдактар-выдавец альманаха «Куфэрак Віленшчыны». Пад яго рэдакцыяй выйшлі кнігі паэзіі, прозы і краязнаўчай публіцыстыкі, шэраг паштовак, прысвечаных дзеячам беларускай культуры. Аўтар і ўкладальнік старонак «Куфэрак» у тыднёвіку «Рэгіянальная газета». Аўтар шматлікіх краязнаўчых публікацый, рэцэнзій у перыядычных выданнях. 

 



Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі

(1936-1994)

Гісторык, археолаг, краязнаўца. Доктар гістарычных навук

 

Нарадзіўся Г.А. Каханоўскі 8 студзеня 1936 г. у в. Дамашы на Маладзечаншчыне. У 1963 г. закончыў Маскоўскі педагагічны інстытут. 3 1964 супрацоўнік, намеснік дырэктара, дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне,У 1979 годзе абараніў кандыдацкую па тэме «Станаўленне археалогіі і гістарычнага краязнаўства Беларусі ў эпоху феадалізму», з 1981 старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1991 старшы навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны. Ініцыятар стварэння і першы старшыня Беларускага краязнаўчага таварыства (1989). Доктар гістарычных навук (1992).

Даследаваў гісторыю археалогіі, музейнай справы, краязнаўства, пытанні аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Выступаў у друку пад псеўданімамі Габрук, Верасень, Г. Гак. Аўтар літаратурна-краязнаўчых нарысаў пра Я. Купалу, М. Багдановіча, Я. Баршчэўскага, А. Гурыновіча, Ф. Тапчэўскага, М. Чарота, гісторыка-эканамічных нарысаў «Вілейка» (1974), «Маладзечна» (1988) і інш. Адзін з аўтараў помніка «Дарозе» ў в. Мясата на Маладзечаншчыне.

Памёр 15 студзеня 1994 года.

Аляксандр Генадзьевіч Каханоўскі

Беларускі вучоны-гісторык

Доктар гістарычных навук. Прафесар

 

Нарадзіўся 24 ліпеня 1963 г. ў г. Маладзечна. 

Скончыў гістарычны факультэт БДУ (1985), аспірантуру пры ім (1988). Абараніў кандыдацкую дысертацыю «Сацыяльна-класавая структура насельніцтва Беларусі ў другой палове XIX стагоддзя». Доктар гістарычных навук (2015 г.). 

З 1988 года працаваў навуковым супрацоўнікам, старшым навуковым супрацоўнікам, галоўным навуковым супрацоўнікам, кіраўніком навукова-даследчай лабараторыі гісторыі Беларусі БДУ. З 1991 года - намеснік дэкана гістарычнага факультэта БДУ па навуковай рабоце. Адначасова з 1992 года дацэнт кафедры гісторыі Беларусі БДУ. З 1999 года - загадчык кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу, з 2016 года - дэкан гістарычнага факультэта БДУ. 

Узнагароджаны знакам «Выдатнік адукацыі» (2009 г.), Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2013 г.) Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, Прэзідыума НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага універсітэта і інш. Заслужаны работнік БДУ (2018 г.).

 

Фёдар Мікалаевіч 

Капуцкі

(1930 - 2017)

Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар хімічных навук, прафесар. Заслужаны                работнік вышэйшай школы БССР.

Нарадзіўся Ф.М. Капуцкі ў вёсцы Селівонаўка Маладзечанскага раёна. Пасля заканчэння ў 1949 г. са срэбным медалём школы № 1 г. Маладзечна паступіў на хімічны факультэт БДУ імя У.І. Леніна, які скончыў у 1954 г.

 У 1956 - 1964 гг. асістэнт, старшы выкладчык, дацэнт Белдзяржуніверсітэта.

 У 1964 - 1965 гг. намеснік старшыні Дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па каардынацыі навукова-даследчых работ.

 У 1965 - 1973 гг. дацэнт кафедры, загадчык кафедры, дэкан хімічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.

 У 1973 - 1985 гг. намеснік, першы намеснік Міністра вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР, адначасова загадчык кафедры Белдзяржуніверсітэта, в.а. дырэктары і загадчык лабараторыі НДІ фізіка-хімічных праблем Белдзяржуніверсітэта.

 У 1985 - 1989 гг. і ад 1996 г. загадчык лабараторыі НДІ фізыка-хімічных праблем, у 1989 - 1990 гг. першы прарэктар па вучэбнай рабоце, у 1990 - 1996 гг. рэктар Белдзяржуніверсітэта.

Аўтар больш за 600 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, 2 падручнікаў, каля 200 вынаходак.

Узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны" (1980), медалём Францыска Скарыны (1996 г.).


Дыбоўскі

Бенядыкт Іванавіч

(1833 – 1930)

 Географ, заолаг, медык, лінгвіст. Доктар біялагічных навук, прафесар заалогіі і палеанталогіі, член-карэспандэнт АН СССР.

Нарадзіўся Б.І. Дыбоўскі ў фальварку Адамарын на Маладзечаншчыне. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Мінскай гімназіі, вышэйшую – у Дэрпцкім (тартусскім) універсітэце. З 1862 г. прафесар Варшаўскага ўніверсітэта. За ўдзел у паўстанні 1863 г. быў высланы ў Сібір. Знаходзячыся ў высылцы Б.Дыбоўскі даследаваў прыроду возера Байкал, ракі Амур, Камандорскіх астравоў. За вынікі, атрыманыя пры даследаванні Байкала, Ангары і навакольных іх тэрыторый, быў адзначаны залатым медалём Рускага імператарскага геаграфічнага таварыства. У 1883 годзе эміграваў у Львоў, які знаходзіўся пад уладай Аўстра-Венгрыі, дзе выкладаў ва ўніверсітэце. Стаў кіраўніком кафедры заалогіі Львоўскага універсітэта, стварыў заалагічны музей, які працуе і сёння. Пяру Б.Дыбоўскага належаць звыш 130 навуковых прац, яго імя носяць каля 50 прадстаўнікоў флоры і фауны возера Байкал.

Памёр Б.І. Дыбоўскі 31 студзеня 1930 г. у Львове, дзе і пахаваны на Лычкоўскіх могілках.

 

Дыбоўскі

Уладзіслаў Іванавіч

(1838 1910)

 Заолаг, батанік, палеантолаг, мінеролаг і фалькларыст. Доктар мінералагічных навук (1878). 

Нарадзіўся У.І. Дыбоўскі ў фальварку Адамарын Вілейскага павета Мінскай губерніі (зараз Маладзечансакі раён). Належаў да сярэднезаможнага шляхецкага роду Дыбоўскіх з Мінскага павета ВКЛ.

Скончыў ў 1862 годзе Дэрпцкі універсітэт. За ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў прысуджаны да 10 гадоў зняволення, выпушчаны датэрмінова. З 1871 г. працаваў у Дэрпцкім універсітэце. У 1873 г. абараніў магістарскую, а ў 1878 г. – доктарскую дысертацыю. У 1878 г. пераехаў на Навагрудчыну. Даследаваў выкапнёвыя рэшткі Усходняй Прыбалтыкі, Сібіры, флору і фауну Навагрудчыны і іншых частак Расійскай імперыі.

Збіраў беларускі фальклор. У штогодніку «Zbiór Wiadomości do Antropologii Krajowej» ( «Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі») апублікаваў працу «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета» (т. 5, 1881, 768 тэкстаў), «Беларускія загадкі з Мінскай губерні» (т. 10, 1886, 112 тэкстаў).

Памёр 27 ліпеня 1910 года. Пахаваны ў в. Войнава (Навагрудскі раён).

 

 

Каўрыга

Павел Антонавіч

 Кандыдат геаграфічных навук, дацэнт кафедры агульнага землязнаўства і гідраметэаралогіі фаультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ, член секцыі па геаграфіі і картаграфіі пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь.

 

Нарадзіўся П.А. Каўрыга ў вёсцы Кайцені Маладзечанскага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння 11-гадовай Дубраўскай СШ у 1964 г. паступіў на першы курс геаграфічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. П.А. Каўрыга паспяхова скончыў геаграфічны факультэт у 1969 г. і саветам факультэта быў рэкамендаваны для паступлення ў аспірантуру пры Белдзяржуніверсітэце. Пасля заканчэння аспірантуры ў 1972 г. быў астаўлены ў БДУ для працы ў якасці асістэнта. Пазней працаваў старшым выкладчыкам, а затым дацэнтам кафедры фізічнай геаграфіі і аховы прыроды. На цяперашні час працуе дацэнтам кафедры агульнага землязнаўства і гідраметэаралогіі.

П.А. Каўрыга мае шмат дзяржаўных узнагарод, сярод якіх Медаль ВДНГ СССР, Дыплом і медаль Аркадзя Смоліча “За шанаванне роднага краю”, Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і інш. З’яўляецца лаўрэатам прэміі імя акадэміка Вацлава Ластоўскага для беларускамоўных выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі.